мужчынскі правасл. манастыр у Кіеве. Засн. ў 1051 пры князю Яраславе Мудрым манахамі Антоніем і Феадосіем у пячэрах (адсюль назва) на правым беразе Дняпра. У 11 ст. адзін з гал. цэнтраў распаўсюджання хрысціянства на Русі, стараж. кніжнасці (вялося летапісанне, складзены зб. жыціяў манахаў «Кіева Пячэрскі пацярык»), стараж.-рус. і ўкр. іканапісу. У 1096 манастыр моцна пацярпеў ад набегу полаўцаў, у 1240 разбураны войскамі хана Батыя, у 1482 разрабаваны і спалены крымскім ханам Менглі-Гірэем. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў антыкаталіцкага і антыуніяцкага руху на Украіне. З 1598 манастыр меў статус лаўры, пры якой у пач. 17 ст. адкрыта друкарня (у 2-й пал. 17 ст. надрукавана больш за 120 назваў кніг), у 1631 заснавана школа (гл.Кіеўская акадэмія). Да часу секулярызацыі (1786) К.-П.л. належалі 3 гарады, 7 мястэчак, каля 200 вёсак і хутароў (больш за 70 тыс. прыгонных), 2 папяровыя ф-кі, 11 цагельняў, 6 шклозаводаў і інш. У 1917 у лаўры было 300 манахаў, 6700 дзесяцін зямлі. З 1926 музей-запаведнік, у 1929 зачынены манастыр (часова дзейнічаў у 1942—61). У 1988 адчынены Свята-Успенскі Кіева-Пячэрскі манастыр, у 1989 — духоўная семінарыя. У 1187—1870 у Феадосіевай пячоры лаўры знаходзіліся мошчы Ефрасінні Полацкай.
Арх. комплекс Верхняй лаўры і ансамбля Блізкіх і Далёкіх пячор склаўся ў 11—19 ст.Найб.стараж. пабудовы: гал. храм — Успенскі сабор (1073—78, рэстаўрыраваны ў 1723—29, зруйнаваны ў 1941), Троіцкая надбрамная царква (1106—08, перабудавана ў 1722—29) з размалёўкамі ўкр. майстроў і разным іканастасам. У стылі ўкр. барока пабудаваны каменныя абарончыя сцены (1690—1702), царква Усіх святых (1696—98) над Эканамічнай брамай, царква Спаса на Бераставе (1113—25, зруйнавана, адноўлена ў 1-й пал. 17 ст.) са званіцай (1813—14, арх. А.І.Мяленскі, класіцызм), Коўніраўскі корпус (1744—72, арх. С.Дз.Коўнір), цэрквы Узвіжання (1700) на Блізкіх і Раства Багародзіцы (1696) са званіцай (1754—61) на Далёкіх пячорах. Гал. вертыкаль лаўры, што звязвала ўсе тры ансамблі ў адзіную прасторавую кампазіцыю — Вял. лаўрская званіца (1731—45, арх. Ф.Васільеў, будаваў Г.І.Шэдэль, выш. 96,5 м). З 1926 гіст.-культ. музей-запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.